БАБРУ́ЙСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,

установа ордэна езуітаў у 17—18 ст. У пач. 17 ст. місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму ў Бабруйску пачалі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1618 яны замацаваліся тут, у 1630 узнікла іх рэзідэнцыя. Гар. староста П.Трызна перадаў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла, пабудаваў для іх дом у Бабруйску і перадаў 7500 фларэнаў, атрыманых пад заклад маёнтка Кісялевічы. У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам в. Дваранавічы з ўніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц П.Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты. У час антыфеад. вайны 1648—51 рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. У 1681 адноўлена дзейнасць іх школ. У час Паўн. вайны 1700—21 яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць. З 1720 пры рэзідэнцыі быў прытулак для збяднелай шляхты. Закрыта ў 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай.

Т.Б.Блінова.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)